Халакост. Няхай гэта ніколі не паўторыцца
Сумная дата – 27 студзеня 1945 года назаўжды ўвайшла ў гісторыю чалавецтва. У гэты дзень Чырвоная армія вызваліла вязняў найбуйнейшага канцэнтрацыйнага фашысцкага лагера смерці “Аўшвіц – Біркенау” (“Асвенцым”).
Дакладную колькасць загінуўшых тут устанавіць немагчыма і, паводле розных ацэнак, там былі закатаваны і знішчаны ад 1,5 да 4 млн. чалавек.
27 студзеня, як Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту ўсталяваны ААН у 2005 годзе як напамін пра тыя злачынствы фашыстаў і іх памагатых, якія здзейснілі бесчалавечнае злачынства і ўчынілі адну з найбуйных гуманітарных катастроф чалавецтва.
27 студзеня 2026 года з нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакоста ля помніка “Ахвярам Халакоста” (устаноўлены на тэрыторыі былога Пружанскага гета, вязні якога ў канцы студзеня 1943 года былі вывезены ў лагер смерці “Асвенцым”) у Пружанах прайшоў жалобны мітынг.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай вертыкалі ўлады, праваахоўных органаў, работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый раёна, а таксама навучэнскай моладзі. Працоўны калектыў ААТ “Пружанскі малочны камбінат” прадставіла дэлегацыя з больш як 30 чалавек.
Удзельнікі жалобнай цырымоніі ўзгадалі тую трагедыю, якая разгулялася больш за 80 гадоў таму, і тыя бясчынствы, якія ўчынялі нямецкія каты, ушанавалі памяць бязвінных ахвяр фашызму хвілінай маўчання, а таксама ўсклалі кветкі да манумента.






















